«ТАТА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́»,

вайна, якая вядзецца з выкарыстаннем усіх матэрыяльных сродкаў і інш. магчымасцей дзяржавы, а таксама любых спосабаў масавага знішчэння ўзбр. сіл і насельніцтва праціўніка.

Тэорыя «Т.в. распрацавана напярэдадні другой сусветнай вайны 1939—45 ням. ген. Э.Людэндорфам, у сістэматызаваным выглядзе выкладзена ў яго кнізе «Татальная вайна» (1936). Узбр. проціборства, якое планавалася Гітлерам як «маланкавая вайна», у 1942—43 набыло рысы татальнасці (у вайну былі ўцягнуты краіны з 80% насельніцтва Зямлі, ва ўзбр. сілы мабілізавана больш за 110 млн. чал.). Ваен.-эканам. і інш. патрэбы дзяржаў-удзельніц, у першую чаргу Германіі і СССР, абумовілі правядзенне татальнай мабілізацыі матэр. і людскіх рэсурсаў. Эканоміка СССР і яго саюзнікаў аказалася больш эфектыўнай, што стала перадумовай перамогі ў «Т.в.», якую была вымушана весці Германія пасля катастрофы пад Сталінградам (гл. Сталінградская бітва 1942—43) і паражэнняў у інш. бітвах 2-й сусв. вайны.

Некат. элементы «Т.в.» выкарыстаны ЗША, Вялікабрытаніяй у ваен. дзеяннях супраць Германіі і Японіі (атамная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі, масіраваныя бамбардзіроўкі гарадоў Германіі), у В’етнаме (1964—73) і інш.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 15, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)